Logo Polskiego Radia
Print

Бэтлеемскае полымя міру падарожнічае па Польшчы й Беларусі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 21.12.2014 14:00
  • Бэтлеемскае полымя.mp3
Польскія гарцэры перадалі Сьвяты агонь беларускім скаўтам.
źr. poland.gov.plźr. poland.gov.pl

Сёньня ў архікатэдральны касьцёл Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Менску прыбыло Бэтлеемскае полымя міру - сымбаль прымірэньня.

Сьвяты Агонь быў урачыста ўнесены ў сьвятыню перад Імшой, а 13.00. У цырымоніі прывітаньня Бэтлеемскага агню прыняў удзел Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Бэтлеемскае полымя міру зьявілася на тэрыторыі Беларусі 17 сьнежня, спачатку ў гарадзенскім катэдральным касьцёле сьв. Францішка Ксавэрыя. З гэтага дня беларускія вернікі змогуць “забіраць” сьвяты агонь да сваіх дамоў.

Раней, то бок 13 сьнежня, Бэтлеемскае полымя міру (Сьвет сьвятла з Бэтлеема) трапіла ў Польшчу.

Польскім гарцэрам Сьвяты агонь перадалі славацкія скаўты. Цырымонія адбылася падчас Імшы ў гарадку Сьвіт каля Попрада – па славацкім баку.

„Міжнародная эстафета з Бэтлеемскім полымем міру дапамагае нам выхоўваць моладзь”, - кажа Кшыштаф Будзіньскі са Зьвязу польскага
гарцэрства (ZHP).

Кшыштаф Будзіньскі: Гэта адна з нагодаў, адзін з важных момантаў, калі пры дапамозе сымбалю мы можам прасоўваць ідэю, якая глыбока западае ў сьвядомасьць маладых людзей; можам пазнаёміць іх з рознымі каштоўнасьцямі.

Дэвіз сёлетняй эстафеты з Бэтлеемскім полымем - „Мір ёсьць унутры нас”.

Гэты лёзунг цяпер асабліва актуальны, лічыць Моніка Кубацка са Зьвязу польскага гарцэрства (ZHP).

Моніка Кубацка: Нагадаю, што Бэтлеемскае полымя міру - гэта эстафета, актуальная ў сувязі з палітычнай сытуацыяй у паасобных краінах-удзельніках акцыі. Таму мір настолькі важны, і мы хочам ім сёлета падзяліцца. Мы хочам таксама зьвярнуць увагу на тое, што сёньня мір у сьвеце – гэта надзвычай надзённая праблема.

15 сьнежня ў Варшаве сьвяты агонь урачыста атрымаў у Бэльвэдэры Браніслаў Камароўскі.

Прэзыдэнт Польшчы выказаў надзею, што цяпло гэтага агеньчыка адчуюць у кожным польскім доме.

Браніслаў Камароўскі: Гэта вельмі эмацыйны момант, калі чалавек усьведамляе сабе, што гэты агонь прабыў настолькі далёкі шлях з Бэтлеема. Мы спадзяемся, што ён трапіць у кожны польскі дом, да ўсіх гарцэраў, каб паводле сёлетняга лёзунгу „Мір ёсьць унутры нас” нагадаў, што калі чалавек хоча зрабіць нешта добрае, то спачатку павінен пачаць ад сябе.

У чацьвер полымя павандравала на поўдзень Польшчы. У касьцёле сьвятога Крыжа дапаможны біскуп Жэшаўскай дыяцэзіі Эдуард Бялаглоўскі перадаў сьвяты агонь дваццаці аддзелам Падкарпацкага ZHP.

Эдуард Бялаглоўскі: Можна сказаць, што без агню й сьвятла жыцьцё немагчымае. Таму гэты матэрыяльны Бэтлеемскі сымбаль нагадвае нам пра тое, што годнае жыцьцё чалавека немагчымае без таго, што трансцэндэнтнае, бяз Бога й любові.

Маладыя палякі перарадалі сьвяты агонь сваім калегам зь Беларусі, Летувы, Украіны, Даніі й Расеі, кажа Марыёля Летыньска - намесьніца камандзіра Падкарпацкага аддзелу ZHP.

Марыёля Летыньска: Перадаючы полымя міру ва Ўкраіну, перш за ўсё мы дакажам наша братэрства, але таксама мы будзем пасланьнікамі сымбалічнага міру. Думаю, што гэтае сьвятло дапаможа задумацца пра тое, як важным у жыцьці кожнага чалавека зьяўляецца мір.

Эстафета са сьвятым агнём пабывала, між іншым, у Кракаве. На Вавэльскай гары Бэтлеемсае полымя міру сустрэлі некалькі сотняў гарцэраў з розных куткоў Польшчы.

Гарцэрка: Гэта, перш за ўсё, сымбаль міру, цяпла, братэрства, любові й супрацоўніцтва. Мір, канешне ж, пачынаецца ад нас самых. Мы ня ў стане памяняць усіх людзей на сьвеце, але, калі кожны памяняе сам сябе, то гэта й так будзе шмат.

Лямпіёны са сьвятым полымем будуць перададзеныя ў розныя месцы па ўсёй Польшчы: у офісы, установы, шпіталі, школы, ВНУ, храмы і г.д.

Скаўты з Украіны, якія атрымалі сьвяты агонь ад палякаў, падкрэсьлівалі, што сёлета гэты сымбаль будзе мець для іх асаблівае значэньне.

Украінец: Мы са Львова. У нас на Ўкраіне вайна, гаворка ідзе пра ўсход Украіны – пра Данбас.

Украінка: Гэта для нас сымбаль прымірэньня.

Сёлета Бэтлеемскае полымя міры госьціць у Польшчы 24-ы раз. Штогод аўстрыйскія скаўты прывозяць сьвяты агонь з Бэтлеема ў венскую катэдру. Са сталіцы Аўстрыі агеньчык вандруе праз суседнія краіны па ўсёй Эўропе. Упершыню аўстрыйскія скаўты арганізавалі гэтую акцыю ў 1986 годзе. Палякі далучыліся да яе ў 1991 годзе.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт