Logo Polskiego Radia
Print

Прэзэнтацыя кнігі пра М. Шагала адбудзецце ў Вільні

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 10.11.2015 15:06
Яе аўтар - Віктар Марціновіч.
Wikipedia

16 лістапада а 18.30 у Доме правоў чалавека ў Вільні адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Віктара Марціновіча «Радзіма. Марк Шагал у Віцебску». Арганізатарам мерапрыемства зьяўляецца Студэнцкае прадстаўніцтва Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта пры падтрымцы Беларускага Дома правоў чалавека.

Чарговая кніга знакамітага беларускага празаіка стала вынікам яго напружанай 15-гадовай працы. Асновай твора зьяўляецца супярэчлівая гісторыя выбітнага мастака ХХ стагодзьдзя Марка Шагала. Працэс напісаньня кнігі складаўся з шматгадовых дасьледаваньняў Віцебскай мастацкай школы, усебаковага аналізу фактычнага матэрыялу з архіваў і біяграфічных дадзеных пра жыцьцё аднаго з самых яркіх ураджэнцаў Беларусі.

Марк Шагал амаль усё сваё жыцьцё правёў у эміграцыі, ствараючы свае шэдэўры, прасякнутыя беларускімі матывамі, за межамі краіны. Кніга «Радзіма. Марк Шагал у Віцебску» канцэнтруецца менавіта на «віцебскім» пэрыядзе жыцьця мастака (1914-1915 гг., 1918-1920 гг.).

Незразуметы й непрыняты суайчыньнікамі пры жыцьці, экспэрымэнтатар пакінуў пасьля сябе спадчыну, якая цяпер на яго малой радзіме лічыцца беларускай. Адно з цэнтральных пытаньняў, паднятых ў кнізе Марціновіча: чаму мы ня цэнім сваё й чаму нашы таленавітыя землякі не знаходзяць прызнаньня на Радзіме?

Віктар Марціновіч – беларускі мастацтвазнаўца й публіцыст, аўтар нашумелых раманаў «Параноя», «Сьцюдзёны вырай», «Сфагнум», «Мова». У 2008 годзе літаратар абараніў доктарскую дысэртацыю на тэму «Віцебскі авангард (1918-1922): сацыякультурны кантэкст і мастацкая крытыка» ў Віленскай Акадэміі Мастацтваў. Пісьменьнік таксама зьяўляецца выкладчыкам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта й актыўна супрацоўнічае зь ім, у тым ліку рэгулярна праводзіць лекцыі, майстар-клясы й прэзэнтацыі.

прэс-матэрыялы/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт