Logo Polskiego Radia
Print

Польшча-Беларусь: культурнае супрацоўніцтва

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 20.11.2012 09:13
Тадэвуш Стружэцкі: Беларусь і Польшча маюць агульную гісторыка-культурную спадчыну, агульных выдатных асоб.


19 лістапада ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі адбылося падпісаньне праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы на 2012—2014 гады.

У рамках праграмы заплянаваная рэалізацыя шэрагу мерапрыемстваў і сумесных праектаў, накіраваных на развіцьцё культуры і мастацтва дзьвюх краін.

Подпісы пад дакумэнтам паставілі намесьнік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі ды амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шарэпка.

/


Стружэцкі адзначыў, што праграма стане важным стымулам для дзяржаўных органаў і арганізацый па развіцьці супрацоўніцтва ў сфэры культуры, а таксама актывізуе дзейнасьць грамадзкіх аб'яднаньняў. "Нашыя краіны маюць шматвяковую гісторыю добрасуседскіх адносін, у тым ліку ў духоўнай, культурнай сфэры, у сфэры агульначалавечых адносін, і гэтыя кантакты ніколі не перапыняліся. Мы маем агульную гісторыка-культурную спадчыну, агульных выдатных асоб, якія прынесьлі славу і Беларусі, і Польшчы", — заявіў намесьнік міністра.

Праграма, у прыватнасці, прадугледжвае актыўную папулярызацыю спадчыны сусветна вядомага кампазытара, стваральніка нацыянальнай клясычнай оперы і камэрнай вакальнай лірыкі Станіслава Манюшкі, падрыхтоўку і дапрацоўку дасье па аб'екту гісторыка-культурнай спадчыны "Аўгустоўскі канал" дзеля яго ўнясеньня ў Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА, правядзеньне дзён культуры ў абедзьвюх краінах.

Лешэк Шарэпка ў сваю чаргу адзначыў, што дакумэнт расстаўляе прыярытэты ў супрацоўніцтве і закліканы даць штуршок яго развіцьцю ў розных сфэрах.

Да канца года Міністэрства культуры Беларусі плянуе падпісаць падобную праграму супрацоўніцтва зь Міністэрствам культуры Латвіі.

БелаПАН/эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт