“Біблейскія матывы” Марка Шагала ў Польшчы
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
28.10.2015 11:20
У польскім Вальбжыху будзе працаваць выстава прац Марка Шагала «Ад рая да апакаліпсіса».
Wikipedia
З 29 кастрычніка 2015 па 31 студзеня 2016 году ў польскім Вальбжыху плянуецца экспанаваньне выставы прац Марка Шагала «Ад рая да апакаліпсіса» з фондаў Музэя Марка Шагала ў Віцебску.
У кастрычніку 2015 году з фондаў музэя ў Віцебску ў польскую галерэю была перададзена для экспанаваньня выстава арыгінальных графічных прац Марка Шагала з сэрыі “Біблейскія матывы”. Выстава будзе адчынена для наведвальнікаў да канца студзеня ў Замку Ксёнж – адным з найбуйнейшых замкаў Эўропы.
Да ўвагі польскіх наведвальнікаў прапануецца шэраг вядомых графічных прац мастака на біблейскую тэму. У прыватнасьці, экспанавацца будуць 65 арыгінальных графічных прац – афорты й каляровыя літаграфіі. Гэта два цыклы каляровых літаграфій, якія выкананы ў 1956 і 1960 гг. для францускага часопіса “Verve”, сэрыя каляровых літаграфій “12 каленаў Ізраіля” (1964 г.) па тэматыцы вітражоў сынагогі Мэдыцынскага цэнтра Хадаса ў Ерусаліме, афорты 1931-1939 гг. і 1978-1981 гг.
Да ілюстрацый Бібліі Марк Шагал упершыню зьвярнуўся ў 1930 годзе, а ў далейшым неаднаразова вяртаўся да гэтай тэмы. Глыбокія веды літаратурнага тэксту й наймацнейшыя ў жыцьці ўражаньні ад падарожжа па біблейскіх месцах дазволілі мастаку па-свойму “прачытаць” Біблію і ўвасобіць слова ў графічных выявах.
“З раньняга юнацтва я быў зачараваны Бібліяй”, – прызнаваўся мастак. – “Мне заўсёды здавалася й здаецца да гэтага часу, што яна зьяўляецца самай вялікай крыніцай паэзіі ўсіх часоў. Біблія сугучная прыродзе, і гэтую таямніцу я спрабую перадаць”.
Польскі бок рыхтуе выданьне каталёга выставы на польскай, ангельскай і расейскай мовах.
Выстава арганізаваная пад патранатам Міністэрства культуры й нацыянальный спадчыны Польшчы й Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Урачыстае адкрыцьцё выставы заплянавана на 29 кастрычніка 2015 г.
прэс-інфармацыя/ав